прыродазнаўчанавуковыя ўстановы, якія збіраюць, захоўваюць і экспануюць калекцыі прадстаўнікоў жывёльнага (заалагічныя музеі) і расліннага (бат. музеі) свету, мінералаў (геал. музеі) і інш.
Самыя вял. і каштоўныя калекцыі знаходзяцца ў музеях Заал. і Бат. ін-таў Расійскай АН у С.-Пецярбургу, Бат. музеі Лонданскага бат. сада і Брытанскім музеі ў Лондане, Нац. прыродазнаўчым музеі ў Парыжы, Амер. музеі прыродазнаўчай гісторыі ў Нью-Йорку, Нац. музеі прыродазнаўчай гісторыі ў Вашынгтоне і інш.
На Беларусі М.п. існуюць у Мінску (Музей прыроды і экалогіі Рэспублікі Беларусь), Бярэзінскім біясферным запаведніку і нац. парку Белавежская пушча. У Бярэзінскім запаведніку адкрыты ў 1940, адноўлены пасля Вял.Айч. вайны ў 1950 у в. Домжарыцы Лепельскага р-на Віцебскай вобл. Мае больш за 500 экспанатаў, пл. экспазіцыі 400 м². Аддзелы: навуковы, гісторыя запаведніка і развіццё запаведнай справы, млекакормячыя і іх ахова, птушкі і іх ахова і інш. У нац. парку Белавежская пушча засн. ў 1945 на базе калекцый навук. аддзела запаведніка Белавежская пушча, адкрыты ў 1950 у в. Камянюкі Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.Пл. экспазіцыі 775 м². Аддзелы: навуковы, гісторыя Белавежскай пушчы, звяры, птушкі, шкоднікі лесу, глебы і інш. Вядуць навук. і лекцыйна-прапагандысцкую работу па пытаннях прыродазнаўства.
А.М.Петрыкаў.
Да арт.Музеі прыроды: 1 — у зале музея прыроды нацыянальнага парку Белавежская пушча; 2 — дыярама ў музеі прыроды Бярэзінскага біясфернага запаведніка.